Капэнгаген
Капэнгаген | |||||
дац. København | |||||
![]() | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | 1167 | ||||
Краіна: | Данія | ||||
Кіраўнік: | Lars Weiss[d][1] | ||||
Плошча: | 77,20 км² | ||||
Вышыня: | 14 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2017) | |||||
колькасьць: | 602 481 чал.[2] | ||||
шчыльнасьць: | 7804,16 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+1 | ||||
летні час: | UTC+2 | ||||
Тэлефонны код: | 3 | ||||
Паштовы індэкс: | 1000 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°40′34″ пн. ш. 12°34′8″ у. д. / 55.67611° пн. ш. 12.56889° у. д.Каардынаты: 55°40′34″ пн. ш. 12°34′8″ у. д. / 55.67611° пн. ш. 12.56889° у. д. | ||||
Капэнгаген на мапе Даніі ![]() ![]() Капэнгаген | |||||
![]() | |||||
http://www.kk.dk/ |

Капэнга́ген (па-дацку: København) — сталіца й найбуйнейшы горад Даніі. Колькасьць насельніцтва на 2017 год складае 602 481 жыхароў. Капэнгаген разьмешчаны на ўсходнім узьбярэжжы вострава Зэляндыя, займаючы таксама частку маленькага вострава Амагер. У горадзе маецца вялікая колькасьць мастоў і тунэляў, якія злучаюцца разам, ствараючы зручную пешаходную сыстэму для шпацыру. Капэнгаген зьяўляецца адным з двух галоўных цэнтраў двунацыянальнага рэгіёну Эрэсун.

Першапачаткова горад быў рыбацкай вёска вікінгаў заснаванай у X стагодзьдзі, Капэнгаген стаў сталіцай Даніі ў пачатку XV стагодзьдзя. У XVII стагодзьдзі, падчас панаваньня караля Крыстыяна IV, горад стаў значным рэгіянальным цэнтрам. З пачатку новага тысячагодзьдзя, Капэнгаген мае моцнае гарадзкое й культурнае разьвіцьцё, якое падсілкоўваецца дзякуючы сталага інвэставаньня ў культурныя аб’екты й інфраструктуру гораду. Горад зьяўляецца адным з найбуйнейшых фінансавых цэнтраў Паўночнай Эўропы. Тутака месьціцца Капэнгагенская фондавая біржа. У эканоміцы Капэнгагену назіраецца хуткае разьвіцьцё ў сэктары паслугаў, асабліва ў галінах інфармацыйных тэхналёгіяў, фармацэўтыкі й экалягічна чыстых тэхналёгіяў. Пасьля завяршэньня будаваньня транснацыянальнага мосту Эрэсун, Капэнгаген мае ўсё большую інтэграцыю з суседзкім швэдзкім горадам Мальмё.

У Капэнгагене месьцяцца Капэгагенскі ўнівэсытэт, Тэхнічны ўнівэрсытэт Даніі, а таксама Капэнгагенская школа бізнэсу. Капэнгагенскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1479 годзе, зьяўляецца найстарэйшым унівэрсытэтам у Даніі. Капэнгаген зьяўляецца домам для футбольных клюбаў «Капэнгаген» і «Брэнбю». Штогадовы Капэнгагенскі маратон штогод праводзіцца з 1980 году. Горад таксама зьяўляецца адным з самых зручных гарадоў у сьвеце для раварыстаў.
Аэрапорт Каструп абслугоўвае прыкладна два мільёны пасажыраў у месяц і зьяўляецца самым загружаным аэрапортам у краінах Паўночнай Эўропы.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Горад упершыню згадваецца ў 1043 годзе як вёска Гаўн, каля якой у 1167 годзе быў пабудаваны замак. Біскуп Абсалён пасьля пабудовы замка залажыў тут умацаваны горад. У 1254 годзе Капэнгаген атрымаў першыя гарадзкія прывілеі. У 1416 годзе Эрык Памеранскі заваяваў Капэнгаген і ў 1433 годзе зрабіў яго сваёй рэзыдэнцыяй.
Найбольшага росквіту горад дасягнуў у XVI—XVII стагодзьдзі. Падчас Графскай вайны Капэнгаген вытрымаў жорсткую аблогу, а ў 1658—1659 гадох па-геройску абараняўся ад швэдаў. Места было моцна разбурана паводкай 1728 году, пажарам 1795 году й бамбардзіроўкай брытанскім флётам у 1807 годзе. У выніку паразы Даніі ў вайне 1813—1814 гадоў горад прыйшоў у заняпад. Пасьля рэканструкцыі горад стаў значным прамысловым цэнтрам рэгіёну ў другой палове ХІХ стагодзьдзя.
У 1940—1945 гады падчас Другой сусьветнай вайны Капэнгаген знаходзіўся пад нацысцкай акупацыяй. Акупацыя ня мела жорсткага характару, бо ад самага пачатку нямецкія ўлады пачалі супрацоўніцтва з дацкім урадам. У краіне нават былі дазволеныя ўсеагульныя парлямэнцкія выбары ў 1943 годзе, але з умовай выключэньня ад удзелу камуністычнай партыі. У жніўні 1943 году, калі супрацоўніцтва ўрада з акупацыйнымі войскамі правалілася, некалькі суднаў Каралеўскага дацкага ваенна-марскога флёту былі затопленыя ў порце Капэнгагену для прадухіленьня іхнага выкарыстаньня немцамі. Прыкладна ў той жа час нацысты пачалі арыштоўваць габрэяў, хоць многія зь іх здолелі зьбегчы ў суседнюю Швэцыю.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Капэнгаген зьяўляецца часткай рэгіёну Эресун, які складаецца з Зэляндыі, Лёлян-Фальстэру й вострава Борнгальм у Даніі й Сконэ ў Швэцыі[3]. Горад месьціцца на ўсходнім беразе востраву Зэляндыя, часткова на востраве Амагер і на шэрагу прыродных і штучных астраўкоў паміж імі. Швэдзкі бераг і Капэнгаген разьдзяляе праліў Эрэсунд, які таксама злучае Паўночнае мора з Балтыйскім морам. Швэдзкія гораду Мальмё й Ляндскруна месьцяцца на швэдзкім баку прама насупраць Капэнгагену[4]. Па дарозе адлегласьць ад Капэнгагену да швэдзкага Мальмё праз мост складае 42 км, да Нэствэду — 85 км, да Одэнсэ — 164 км, да Эсб’ергу — 295 км. Цэнтар гораду ляжыць у вобласьці, першапачаткова сфармаванай старымі валамі, якія да гэтага часу нагадваюць абарончы абвод[5].
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Капэнгаген знаходзіцца ў зоне акіянічнага клімату згодна з клясыфікацыяй Кёпэна[6]. Надвор’е характарызуецца сыстэмамі нізкага ціску з боку Атлянтыкі, якія прыводзяць да нестабільных умоваў на працягу году. Акрамя трохі моцных дажджоў зь ліпеня па верасень, колькасьць ападкаў умераная. Сьнегапады маюць месца быць у асноўным з канца сьнежня да пачатку сакавіка, таксама можа быць дождж, зь сярэдняй тэмпэратурай каля кропкі замярзаньня[7].
Чэрвень самы сонечны месяц у годзе. На гэты месяц прыпадае ў сярэднім каля васьмі гадзінаў сонечнага сьвятла штодзень. Ліпень зьяўляецца самым цёплым месяцам зь сярэдняй тэмпэратурай у дзённы час каля 21 °C. У супрацьлегласьць гэтаму, сярэдняя колькасьць гадзінаў сонечнага сьвятла ўдзень меншая на два ў лістападзе й толькі на гадзіну ці паўтары са сьнежня па люты. Увесну становіцца цяплей і зноўку колькасьць сонечных гадзінаў вагаецца з чатырох да шасьці штодзень з сакавіка па травень. Люты зьяўляюцца самым сухім месяцам году[8]. Выключныя ўмовы надвор’я могуць прынесьці цэлых 50 см сьнегу ў Капэнгагене на працягу 24-гадзіннага пэрыяду на працягу зімовых месяцаў, а летнія тэмпэратуры часам падымаліся вышэй за 33 °C.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Акрамя нацыянальнай сталіцы, Капэнгаген таксама ёсьць культурным цэнтрам Даніі і адным з галоўных цэнтраў Скандынавіі. З канца 1990-х гадоў горад зьведаў трансфармацыю ад сьціплай скандынаўскай сталіцы да сталічнага гораду міжнароднай прывабнасьці, стаўшы ў адзін шэраг з Барсэлёнай і Амстэрдамам[9]. Гэта вынік велізарных інвэстыцыяў у інфраструктуру і культуру, а таксама працы новых пасьпяховых дацкіх архітэктараў, дызайнэраў і кухараў[10][11].
Музэі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Капэнгаген мае шырокі спэктар музэяў міжнароднага значэньня. Нацыянальны музэй уважаецца найбуйнейшым у Даніі музэем археалёгіі і гісторыі культуры, які зьмяшчае артэфакты дацкай гісторыі і замежных культураў[12]. Нацыянальная галерэя Даніі як мастацкі музэй мае калекцыі карцінаў, пачынаючы з XII стагодзьдзя да сучаснасьці. У дадатак да дацкіх жывапісцаў, таксама прадстаўленыя калекцыі Пітэра Рубэнса, Рэмбранта, Паблё Пікаса, Жоржа Брака, Фэрнана Лежэ, Анры Матыса, Эміля Нольдэ, Оляфура Эліясана ды іншых[13].

Яшчэ адзін важны капэнгагенскі мастацкі музэй — Новая гліптатэка Карлсбэрга, зафундаваная філянтропам Карлам Якабсэнам і пабудаваная на грунце ягоных асабістых калекцыяў. Асноўную ўвагу музэй надае клясычным эгіпецкім, рымскім і грэцкім скульптурам і прадметам даўніны, а таксама калекцыі скульптураў Агюста Радэна, якая ўважаецца за найвялікшую па-за межамі Францыі. Акрамя калекцыяў скульптураў, у музэі таксама захоўваецца шырокая калекцыя карцінаў імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў, як то Клёда Манэ, П’ера-Агюста Рэнуара, Поля Сэзана, Вінцэнта ван Гога і Анры Тулюз-Лятрэка, а таксама творы дацкіх мастакоў Залатога веку[14].
Музэй сучаснага мастацтва Луізыяна месьціцца на ўзьбярэжжы на поўнач ад Капэнгагену. Гэты музэй стаіць пасярод саду скульптураў на скале выдарысамі Эрэсуну. Ягоная калекцыя з больш чым 3 тысячамі прадметаў улучае творы Паблё Пікаса, Альбэрта Джакамэцьці і Жан Дзюбюфэ[15]. Дацкі музэй дызайну разьмешчаны ў былым шпіталі Фрэдэрыкса XVIII стагодзьдзя і выяўляе дацкі дызайн, а таксама міжнародны дызайн і рамёствы[16]. Іншыя музэі ўлучаюць у сябе музэй Торвальдсэна, прысьвечаны творчасьці рамантычнага дацкага скульптара Бэртэля Торвальдсэна, які жыў і працаваў у Рыме[17]. Таксама вылучаецца музэй Ордрупгар, разьмешчаны на поўнач ад сталіцы, які прадстаўляе францускае і дацкае мастацтва XIX стагодзьдзя і вядомы сваімі працамі Поля Гагена[18].
Выканальніцкае мастацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Новая Капэнгагенская канцэртная заля адкрылася ў студзені 2009 году. Спраектаваная Жанам Нувэлем, яна мае чатыры залы з галоўнай аўдыторыяй на 1800 чалавек. Ён служыць домам для Дацкага нацыянальнага сымфанічнага аркестра і разам з канцэртнай заляй Ўолта Дыснэя ў Лос-Анджэлесе ёсьць найдаражэйшай канцэртнай заляй, калі-небудзь пабудаванай[19]. Іншым важным месцам для выкананьня клясычнай музыкі ўважаецца канцэртная зала Тывалі, разьмешчаная ў садах Тывалі[20]. Капэнгагенскі опэрны тэатар, спраектаваны Гэнінгам Лярсэнам, быў адкрыты ў 2005 годзе. Гэта адзін з самых сучасных опэрных тэатраў у сьвеце[21]. Каралеўскі дацкі тэатар таксама ставіць опэру ў дадатак да драматычных спэктакляў. Тут базуецца каралеўскі балет Даніі. Заснаваная ў 1748 годзе разам з тэатрам, гэта адна з найстарэйшых балетных трупаў у Эўропе, вядомая сваім бурнавільскім стылем балету[22].

Капэнгаген вылучаецца значнай джазавай сцэнай, якая існуе ўжо шмат гадоў. Гэты стыль паўстаў у горадзе, дзякуючы шэрагу амэрыканскіх джазавых музыкаў, як то Бэну Ўэбстэру, Тэду Джонзу, Рычарду Буну, Эрні Ўілкінзу, Кені Дру, Эду Тыгпэну, Бобу Рокўэлу, Дэкстэру Гордану ды іншым. Такія рок-гітарысты, як Лінк Рэй, пераехалі ў Капэнгаген цягам 1960-х гадоў. Кожны год у пачатку ліпеня вуліцы, пляцы, паркі, а таксама кавярні і канцэртныя залі Капэнгагену запаўняюцца джазавымі выканаўцамі, якія даюць вялікія і малыя канцэрты за час Капэнгагенскага джазавага фэстывалю. Гэта адзін з галоўных эўрапейскіх джазавых фэстываляў. Згаданая штогадовая імпрэза ўлучае блізу 900 канцэртаў на 100 пляцоўках з больш чым 200 000 гасьцеў з Даніі і ўсяго сьвету[23].
Самая вялікая пляцоўка для папулярнай музыкі ў Капэнгагене — Вэга, які месьціцца ў раёне Вэстэрбру. Міжнародны музычны часопіс Live назваў яе «найлепшай канцэртнай пляцоўкай у Эўропе». У пляцоўцы ёсьць тры канцэртныя залы, як то вялікая заля, якая зьмяшчае 1550 гледачоў, сярэдняя заля, разьлічаная на 500 чалавек, і яшчэ адная пляцоўка на 250 гледачоў[24]. Кожны верасень, пачынаючы з 2006 году, у Капэнгагене ладзіцца Фэстываль бясконцай падзякі. Гэты фэстываль прысьвечаны індзі-контаркультуры, экспэрымэнтальнай поп-музыкі і музыкі левай скіраванасьці ў спалучэньні з выставамі візуальнага мастацтва[25].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць буйных выдавецтваў Даніі месьцяцца ў Капэнгагене. Да іхняга ліку адносяць кнігавыдавецтвы Gyldendal і Akademisk Forlag і газэтныя выдавецтвы Berlingske і Politiken, а апошняе зь іх таксама выдае кнігі[26][27]. Многія з найбольш важных аўтараў дацкай літаратуры, як то пісьменьнік Ганс Хрыстыян Андэрсэн, філёзаф Сёрэн Кіркегар і драматург Людвіг Гольбэрг, правялі большую частку свайго жыцьця ў Капэнгагене. Раманы, дзеі якіх адбываецца ў Капэнгагене, улучаюць «Дзіцятка» (1973) Кірстэна Торупа, «Капэнгагенская сувязь» (1982) Барбары Мэрц, «Палічы зоркі» (1989) Лоіс Лоўры, «Пачуцьцё міс Сьмілы да сьнегу» (1992) і «Памежнікі» (1993) Пэтэра Гёга, «Музыка і цішыня» (1999) Роўз Трэмэйн, «Дзяўчына з Даніі» (2000) Дэйвіда Эбэршафа і «Здабыча Шарпа» (2001) Бэрнарда Корнўэла. Сюжэт п’есы Майкла Фрэйна «Капэнгаген» 1998 году пра сустрэчу фізыкаў Нільса Бора і Вэрнэра Гайзэнбэрга ў 1941 годзе таксама разгортваецца ў горадзе. 15—18 жніўня 1973 году ў Капэнгагене адбылася вусная літаратурная канфэрэнцыя ў рамках 9-га Міжнароднага кангрэса антрапалягічных і этналягічных навук[28].
Каралеўская бібліятэка, якая належыць Капэнгагенскаму ўнівэрсытэту, ёсьць найбуйнейшай бібліятэкай у паўночных краінах з амаль поўным зборам усіх друкаваных дацкіх кніг з 1482 году. Заснаваная ў 1648 годзе Каралеўская бібліятэка разьмешчаная ў чатырох месцах у горадзе, але галоўны корпус месьціцца на набярэжнай Сьлётсгольмэн[29]. Сетка публічных бібліятэк Капэнгагену налічвае больш за 20 пунктаў, найбуйнейшым зь якіх уважаецца Цэнтральная бібліятэка на Крыстальгадэ ў цэнтры гораду[30].
Кухня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
На 2014 год у Капэнгагене налічвалася 15 рэстаранаў, ацэненыя зоркамі Мішлен, што больш за ўсе іншыя скандынаўскія гарады[31]. Горад славіцца як месца для гурманаў[32]. Рэстаран Нома быў прызнаны найлепшым рэстаранам у сьвеце у 2010, 2011, 2012 2014 гадах[33], што выклікала цікавасьць у сьвеце да Новай нардычнай кухні[34].
Акрамя выбару элітных рэстаранаў, Капэнгаген прапануе вялікі выбар дацкіх, этнічных і экспэрымэнтальных установаў харчаваньня. Можна знайсьці сьціплыя закусачныя, дзе падаюць адкрытыя бутэрброды, вядомыя як сьмёрэброды. Гэтая закуска ўважаецца традыцыйнай дацкай стравай на абед. Аднак, у большасьці рэстаранаў падаюць стравы міжнароднай кухні[35]. Дацкія выпекі можна пакаштаваць у любой з шматлікіх пякарняў, якія месьцяцца ўва ўсіх частках гораду. Капэнгагенская асацыяцыя пекараў была закладзеная ў 1290-х гадах, а найстарэйшая кандытарская крама Даніі Conditori La Glace працуе да гэтага часу. Яна была заснаваная ў 1870 годзе ў Скубагадэ Нікаляўсам Гэнінгсэнам, навучаным майстрам-пекарам з Фленсбургу[36].
Капэнгаген даўно асацыюецца зь півам. Піва Carlsberg варыцца на тэрыторыі бровара на мяжы між раёнамі Вэстэрбру і Вальбю з 1847 году і доўгі час было амаль сынонімам вытворчасьці піва ў Даніі. Аднак у апошнія гады назіраецца рэзкі рост колькасьці невялікіх бравярняў, многія зь якіх працуюць у Капэнгагене. Некаторыя зь іх дзеюць як піўныя пабы, дзе таксама можна паесьці на тэрыторыі заводу[37][38].
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па-за горадам маецца міжнародны аэрапорт Каструп. Аўтамабільныя й чыгуначныя паромы зьвязаны з гарадамі Мальмё, Гэльсынгборг і Ляндскруна. У горадзе функцыянуе Капэнгагенскі мэтрапалітэн, які зьвязвае горад і ягоныя прадмесьці.
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выбітныя мясьціны
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ягана Гудрун Ёўнсдотыр, ісьляндзкая сьпявачка (нарадзілася ў Капэнгагене)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б https://www.dr.dk/nyheder/seneste/lars-weiss-bliver-overborgmester-i-koebenhavn-indtil-naeste-valg
- ^ 101-00101 Københavns Municipality. Statistics Denmark.
- ^ What is the Øresund Region?. Øresund
- ^ Copenhagen (København), Denmark. Danishnet.com
- ^ Parker I Indre By. Copenhagen Municipality.
- ^ Denmark. Weather Online.
- ^ Average weather in Copenhagen, Denmark. World Weather and Climate Information
- ^ Klimanormaler. Danmarks Meteorologiske Institut.
- ^ «Cool Boom Towns». Spiegel Special.
- ^ «B1 Kopenhagen entdecken». Baumeister — Zeitschrift für Architektur.
- ^ Husband, Stuart (19.06.2007). «Copenhagen is Scandinavia’s most desirable city». The New York Times.
- ^ «Nationalmuseet: National Museum of Denmark». Nationalmuseet.
- ^ «Who are we?». SMK.
- ^ «Ny Carlsberg Glyptotek». AOK.
- ^ «Louisiana». Louisiana.
- ^ «Design Museum». Design Museum Danmark.
- ^ «Thorvaldsens Museum». Thorvaldsens Museum.
- ^ «Collection and Architecture». Ordrupgaard.
- ^ «DRs koncerthus — et af verdens dyreste». Berlingske Tidende.
- ^ «Tivoli Concert Hall». Visit Copenhagen.
- ^ «The Opera in Copenhagen». Henning Larsen Architects.
- ^ «History». Det Kongelige Teater.
- ^ O’Brien, Sally (2005). «Copenaghen. Ediz. Inglese». Lonely Planet. — С. 20. — ISBN 978-1-74104-035-7.
- ^ «Præsentation af VEGA». Vega.
- ^ «Festival of Endless Gratitude». Festival of Endless Gratitude.
- ^ «Scandinavian Book Trade, Publishers, etc». Wess Web.
- ^ «JP/Politikens Hus A/S». Den Store Danske.
- ^ Jason, Heda; Segal, Dimitri (1.01.1977). «Patterns in Oral Literature». Walter de Gruyter. — С. 7. — ISBN 978-3-11-081002-8.
- ^ «Det Kongelige Bibliotek». Den Store Danske.
- ^ «Københavns Hovedbibliotek». Folkebibliotekerne.
- ^ «Michelin-starred restaurants». Visit Copenhagen.
- ^ «The Top 10 cities to visit in 2009». The Times.
- ^ «Noma». Visit Copenhagen.
- ^ Harry Wallop (26.04.2010). «Noma in Copenhagen named best restaurant in the world». The Telegraph.
- ^ «Top 10 traditional Danish lunch». Visit Copenhagen.
- ^ «Historien om Københavns bagerlaug». Kbh-Bagerlaug.
- ^ «Nyeste artikler fra Bryggeriforeningen». Dev-bryggeriforeningen.
- ^ «Top 10 beer». Visit Copenhagen.